Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пімен-панчанка:пімен-панчанка-кожны-з-нас-прыпасае-радз

Пімен Панчанка — Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...

Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,
Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны —
Дым над хатай, снапамі прыціснуты ток,
Матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам…

Гэта быў сорак першы палаючы год.
Прабіраліся мы з акружэння на ўсход.
У аршанскіх лясах на адной з дарог
Я пазнаў сярод верасу след маіх ног.

I паклікала родная хата мяне.
Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі,
Расхінуў асцярожна кусты і знямеў —
Каміны… каміны… Дух пажарышча горкі.

Развіднела. А певень людзей не будзіў.
Цішыня. Мёртвы попел. Ні стуку, ні груку.
Толькі клён, што мой бацька калісь пасадзіў,
Грэў на сонцы свае абгарэлыя рукі.

Я схаваў твар у травы. I зямля, як дзіцё,
Да мяне прытулілася целам магутным:
«Дзе ж ты быў, дзе ж хаваўся ты гэтулькі дзён,
Што дамоў не ішоў?» — запытала ледзь чутна.

Не прыпомню цяпер, што ў адказ я шаптаў —
Ці зямлю суцяшаў, ці пра маці пытаў.
Слоў вуголле злятала з патрэсканых губ,
I растоптаны кут быў да болю мне люб.

Наліваліся кветкі сцюдзёнай расой,
I прамыла раса мае сумныя вочы,
Каб убачыў я ўсё, каб запомніў усё,
Каб я думаў пра помсту і ўдзень, і уночы.

1942

Падобныя старонкі

творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-кожны-з-нас-прыпасае-радз.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki