Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пятрусь-макаль:пятрусь-макаль-ты-маўчаў

Пятрусь Макаль — Ты маўчаў...

Ты маўчаў тады,

як білі дружбака,

Білі словам,

як кастэтам адмысловым.

Ты мычаў сабе,

што слова не рука,

Не кулак і не нагайка.

Слова словам.

Але заўтра

пад прыцэл патрапіш ты,

Дзе ад слоў шукаеш сховішча

дарэмна.

І адчуеш,

як злачынства нематы

Нас штодзённа забівае

узаемна.

Не ад куль –

часцей мы падаем ад слоў,

Кулі словамі апрануты,

як плаццем.

Невыноснаю цаной людскіх

галоў

За маўчанне палахлівае мы

плацім.

Потым будзеце старацца

напаказ,

Ды ці можа апраўдаць

перад сумленнем

Дабрата,

якую робіце не ў час,

Справядлівасць,
Што прыходзіць са спазненнем?
І мяне грызе часамі пачуццё,
Што адпушчана гадоў

па норме строга.

Але знаю,

на паўторнае жыццё

Не пакінуць перавучвацца

нікога.

Каб у тых, што поруч з намі,

не забраў

Усявышні

чалавечае цярплівасці,

Не адкладвайце на потым

добрых спраў,

Не адкладвайце на потым

справядлівасці.

Падобныя старонкі

творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-ты-маўчаў.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki