Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пятрусь-макаль:пятрусь-макаль-прыпяць

Пятрусь Макаль — Прыпяць

Здалася ты мне з вышыні трапяткой,
З глухой самалётнай шыбы
Сасновай галінаю,

да якой,

Як гнёзды, прыліплі сялібы.

Хоць вабяць уладна другія краі,
Усё ж я іду на зніжэнне.
Рака мая, кожнаю кропляй крыві
Адчуў я тваё прыцяжэнне!

На беразе – купамі сена капцы.
Глядзіш – і здаецца, што гэта,
Лугі пагаліўшы, прыселі касцы
Спачыць да наступнага лета.

Чакай, я бліжэй да цябе падыду!..
Разгледзець здаля немагчыма.
Ці вербы пялёхкацца выйшлі ў ваду,
Ці мыюць бялізну жанчыны…

I ці не ад поту сялянскага ты
Зрабілася рыжаю, Прыпяць?
Маўчыць. Расцягнула гармоняй плыты,
Каб рытмы рабочыя рыпаць.

Падобныя старонкі

творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-прыпяць.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki