творы:пятрусь-броўка:пятрусь-броўка-яшчэ-ў-дні-старыя-у-век-н
Пятрусь Броўка — Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны...
урывак з паэмы «Беларусь»
Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,
Аб горадзе Полацку слава ішла,–
Друкар там выдатны Георгій Скарына,
Што зоры, рассыпаў па роднай краіне
Крыштальныя словы навукі-святла;
Нямала народаў з крыніц яго піла
І брала ад мудрасці вечны агонь,
У літарах першых знаходзячы сілу…
Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла
Такога выдатнага сына свайго!
На грудзях тваіх, як скарбніцы жывыя,
Чалом выплываючы з даўняй імглы,
Стаяць гарадзенскія гмахі сівыя,
Муры Навагрудчыны, вежы Сафіі
І замкаў Заслаўля крутыя валы.
Аб славе народнай гамоняць зарніцы,
А думы яго захавалі ў сабе,
Як чыстыя перлы, азёры, крыніцы,
І неба вясёлкамі імі іскрыцца,
Што шлях асвятляюць яму ў барацьбе.
Падобныя старонкі
творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-яшчэ-ў-дні-старыя-у-век-н.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin