творы:пятрусь-броўка:пятрусь-броўка-як-ліст-дубовы
Пятрусь Броўка — Як ліст дубовы...
Не страшна мне
Ні твань, ні багна,
Ані віхуры гул і свіст –
Я за жыццё схапіўся прагна,
Як за галлё
Дубовы ліст.
Па восені,
Мядзяны, дужы,
Між хмурай стыні ён гарыць…
Трасуць яго вятры і сцюжы,
А ён адно ў адказ -
Звініць.
Калі зімой
Мятлюга грае
І злосна шчэрыцца мароз,
Ён, як далонню, прыкрывае
Галінку тую,
Дзе прарос.
І толькі ў ясны дзень
Вясновы,
Калі красуе ўсё вакол, –
Перад лістком зялёным, новым
Ён ціха падае
На дол.
1956
Падобныя старонкі
творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-як-ліст-дубовы.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin