Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пятрусь-броўка:пятрусь-броўка-восень

Пятрусь Броўка — Восень

Ходзіць восень ў свіце шэрай,
З непагодных хмар сатканай,
Распусціла ветры-косы
Над палямі, над барамі…
Ходзіць злосная, плюецца,
Лісце жменямі шпурляе…

Толькі сонца не здаецца,
Прабіваецца праз хмары,
Улагоджвае старую.
Дзень, другі нервуе восень,
А пасля паспакайнее,
Стане добрай і ласкавай.

Заспявае, засмяецца,
Світку ўздзене залатую
З лісцяў вогненных кляновых;
У рабіне яркай шчокі,
І глядзяць крыніцы-вочы
Так задумліва на неба.

Добра ў гэткі час на вёсцы –
Скрозь стагі саломы, сена
Восень звонкую вартуюць.
Дзе-нідзе агні на полі.
Там у прысаку гарачым
Бульба смачная пячэцца.

Ходзіць восень чыстым борам
У сукенцы верасовай,
З кожным дрэўцам пагамоніць,
Ажно свеціцца, здаецца,
Мох сівы на даўніх соснах…
. . . . . . . . . . . . . .
Я сваю вітаю восень!

Падобныя старонкі

творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-восень.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki