Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ніл-гілевіч:ніл-гілевіч-думы-маці

Ніл Гілевіч — Думы маці

Вечар сіньку развёў за акном.
Змрок згушчаецца ў хаце.
У самотнай цішы перад сном
Думы думае маці.

Замарылася… Цяжка старой
Тупаць дзень каля дому.
Час вяртае без літасці ёй
Нават даўнюю стому.

Загарнуўшы ў абрус на стале
Свежы бохан пачаты,
Склала рукі яна ў прыпале –
На пярэднік шурпаты.

Рукі пахнуць травой-лебядой,
Сырадоем і ўкропам.
Гэтых пахаў ніякай вадой
Не адмыеш ні троху.

Колькі год рукі зналі адно:
Жалі, цеста мясілі,
Бульбу чысцілі, ткалі радно,
Цыравалі ды шылі.

Колькі раз яны ўдзень і ўначы
Немаўлят спавівалі!
Колькі раз – хіба хто палічыў? –
Гэты стол накрывалі!..

Клопат, клопат нязводны штодня!
А прарочылі людзі:
«Пачакай, падрасце малышня –
Болей клопату будзе!»

Гаварылі-такі нездарма:
Супакойней не стала.
Як глядзела тады іх сама –
Столькі скрухі не знала.

Вестка ўчора ад сына прыйшла:
Нарадзілася ўнучка.
А ці добра ж усё? Каб магла –
Паляцела б, як птушка.

Меншы з арміі піша ў лісце,
Што чакае дарога.
А куды – не сказаў. І расце,
Кроіць сэрца трывога.

І дачка ўжо нявеста даўно,
Позна з танцаў прыходзіць.
Хоць дарослая, а ўсё адно
Накрычаць не пашкодзіць…

Думы-думкі!..
У лад ім, чуваць,
Клён ля ганку шапоча.
Нібы ў памяць, у заўтра глядзяць
Маці стомленай вочы.

Гора ў бездань нябыту сплыло.
Доляй цешацца дзеці.
Толькі б ціха на свеце было,
Толькі б ціха на свеце…

1961


Крыніца: Ніл Гілевіч. Збор твораў у 23-х тамах. Т. 1. – Прадмова аўтара – Мн.: ГА БТ «Кніга», 2003. – 416 с.

Падобныя старонкі

творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-думы-маці.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki