Гэта старая версія дакумента!
Ніл Гілевіч — Ax, якaя нaд Гaйнaй кyпaльcкaя нoч!..
Ах, якая над Гайнай купальская ноч!
Самы раз бы шукаць кветку-папараць,
Самы раз уплятаць летуценні ў вянок,
Самы раз белы корань выкапываць!
Ды ні гуку над Гайнай – пад цёмным шатром.
Толькі зоркі – як вочкі Купаліны.
Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом,
Над ракою, агні не запалены?
Раскладайце, паліце Купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся…
Раскладайце агні – хай плывуць па рацэ,
Можа, ў зыркім святле іх вы ўгледзіце
Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ –
Запрасіце яго прысуседзіцца!
Ён вас, пэўна, папросіць «Каліну» спяваць
І, напэўна, ад слёз не стрымаецца,
Скажа: «Ах жа, якое купаллейка ў вас!
Ах, якую вы спадчыну маеце!..»
1970
Падобныя старонкі
- янка-купала/янка-купала-заклятая-кветка
- ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча
- купалле
- купальскі-абрад
- янка-купала/янка-купала-у-купальскую-ноч