Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:міхась-чарот:міхась-чарот-вясну-пяю

Гэта старая версія дакумента!


Міхась Чарот — Вясну пяю

Зямлю цалуе неба сінь
Сваім чырвоным сонцатварам,
I песню ночы «ква-кум-бінь»
Пяюць мне сонныя выгары.

У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двухрогі,
Не хоча раніцу спаткаць
I лесам хмар ідзе, бязногі.

Капліца белая, як здань,
Ў тумане плавае за вёскай,
I сонцам спуджаная рань
Прысела зайцам за бярозкай.

Дзянніцы зірк на небе стух,
Вясковых хат дымяць галовы,
У лапцях з пугаю пастух
Трубою плача на каровы.

Пяе у полі хор калёс,
Як старац з ліраю разбітай…
Загоны вузкія авёс
Убраў зялёным аксамітам.

Вясёлы птушак перазвон
Гудзе на воблачнай званіцы…
Бязмоўнай цішы гіне сон,
Як сонца выплыве крыніцай.

I сыпле промень вогнесталь,
К вачам схілю сярпом далонь я
I пазіраю моўчкі ўдаль,
У шыр блакітнага бяздоння.

1922

Падобныя старонкі

  • міхась-чарот/міхась-чарот-босыя-на-вогнішчы
  • міхась-чарот
  • міхась-чарот/міхась-чарот-песня-беларуса
  • міхась-чарот/міхась-чарот-вясенняя-раніца
  • міхась-чарот/міхась-чарот-звон
творы/міхась-чарот/міхась-чарот-вясну-пяю.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki