Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:міхась-чарот:міхась-чарот-вясну-пяю

Міхась Чарот — Вясну пяю

Зямлю цалуе неба сінь
Сваім чырвоным сонцатварам,
I песню ночы «ква-кум-бінь»
Пяюць мне сонныя выгары.

У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двухрогі,
Не хоча раніцу спаткаць
I лесам хмар ідзе, бязногі.

Капліца белая, як здань,
Ў тумане плавае за вёскай,
I сонцам спуджаная рань
Прысела зайцам за бярозкай.

Дзянніцы зірк на небе стух,
Вясковых хат дымяць галовы,
У лапцях з пугаю пастух
Трубою плача на каровы.

Пяе у полі хор калёс,
Як старац з ліраю разбітай…
Загоны вузкія авёс
Убраў зялёным аксамітам.

Вясёлы птушак перазвон
Гудзе на воблачнай званіцы…
Бязмоўнай цішы гіне сон,
Як сонца выплыве крыніцай.

I сыпле промень вогнесталь,
К вачам схілю сярпом далонь я
I пазіраю моўчкі ўдаль,
У шыр блакітнага бяздоння.

1922

Падобныя старонкі

творы/міхась-чарот/міхась-чарот-вясну-пяю.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki