творы:міхась-кавыль:міхась-кавыль-вілянэль
Гэта старая версія дакумента!
Міхась Кавыль — Вілянэль
З табою быў я справядлівы.
Прайшоў па сэрцы дзідай час,
Цяпер я грэшны, нешчаслівы.
Ці раз я чуў твой смех глумлівы
I дакараў сябе ці раз.
З табою быў я справядлівы.
Мяне вялі душы прылівы,
Святых надзей агонь не гас.
Цяпер я грэшны, нешчаслівы.
Пад’юджваў юны дух гуллівы,
Ў распусты багне часта граз.
З табою быў я справядлівы.
У сне лавіў твой цень трымслівы,
Насіў партрэт твой на паказ.
Цяпер я грэшны, нешчаслівы.
Паблытаў сцежкі век імклівы,
Кахання слодыч – не для нас.
З табою быў я справядлівы,
Цяпер я грэшны, нешчаслівы.
1957
Падобныя старонкі
творы/міхась-кавыль/міхась-кавыль-вілянэль.1755963827.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin