Мікола Мятліцкі — Яніха

Аерам усланы падворак.
Вечар… Мігценне зорак…
І Яніха на падворку
З Богам вядзе гаворку.

Сёмуха!

У вышыванцы Яніха.
Дастала з матчынай скрыні.
Даўно ў вачах згасла раніца,
Сяброўкі даўно ў дамавіне.

«Селішча от уквеціла –
Бога прывеціла…

Жывое няхай не зводзіцца…«
Ікона у ручніку.
Ёй сама Багародзіца,
Здалося, дае руку.

Хрысціцца ў бліках святла:
«У божай ласцы жыла!»

Дагледжана ўсё, уходжана.
Далоні на стол ляглі.
І кажа ёй Матка Божая:
– Пабудзь на зямлі…

Падобныя старонкі