творы:максім-танк:максім-танк-хмары-з-захаду
Максім Танк — Хмары з захаду
Неба пакрылася
шэрай чачоткай,
хмараў над лесам
тапіліся лодкі,
што за славянскім
прыплылі пасагам, –
лодкі вікінгаў,
адважных варагаў.
Але спаткаўшы
над Нёманам раці,
мусілі з бою
дамоў уцякаці.
З даўніх набегаў
янтар пакідалі,
золата грошаў
і гурбы караляў.
І на усходзе
засталіся толькі
з бурнага шляху
адны валатоўкі.
Хутка сатрэ іх
медзяны цень сосен,
вечар іх зорным
пяском пазаносіць.
7.V.1937.
Падобныя старонкі
творы/максім-танк/максім-танк-хмары-з-захаду.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin