творы:максім-танк:максім-танк-расшытае-крыжыкамі
Гэта старая версія дакумента!
Максім Танк — Расшытае крыжыкамі
Ўзору не знаю я прыгажэйшага,
Як расшытая крыжыкамі
Трыпутніку ці канюшыны,
Бацькоўскіх ці маіх босых ног –
Палявая дарога;
Як расшытая крыжыкамі мулінэ
I калісьці падораная мне
Дзяўчынай кашуля;
Як расшытае крыжыкамі крыл
Жаўрукоў,
Ластавак,
Журавоў
Неба нада мной;
Як расшытыя крыжыкамі
Ручнікі,
Што на покуце ззяюць,
Стому з твару сціраюць
I на якіх маладым і гасцям
Мы падносім
Хлеб-соль…
Не, недарма, знаць,
Арнаментам гэтым –
А не дзідамі і арламі,
Не шаблямі і львамі –
Упрыгожвалі
Наша жыццё.
13.ІІІ.89
Крыніца: Танк Максім. Мой каўчэг: Вершы. 1989-1992. – Мн.: Маст. літ., 1994. – 207 с.
Падобныя старонкі
- максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка
- максім-танк
- максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян
- максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка
- максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка
творы/максім-танк/максім-танк-расшытае-крыжыкамі.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1