Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:максім-танк:максім-танк-расшытае-крыжыкамі

Максім Танк — Расшытае крыжыкамі

Ўзору не знаю я прыгажэйшага,
Як расшытая крыжыкамі
Трыпутніку ці канюшыны,
Бацькоўскіх ці маіх босых ног –
Палявая дарога;

Як расшытая крыжыкамі мулінэ
I калісьці падораная мне
Дзяўчынай кашуля;

Як расшытае крыжыкамі крыл
Жаўрукоў,
Ластавак,
Журавоў
Неба нада мной;

Як расшытыя крыжыкамі
Ручнікі,
Што на покуце ззяюць,
Стому з твару сціраюць
I на якіх маладым і гасцям
Мы падносім
Хлеб-соль…

Не, недарма, знаць,
Арнаментам гэтым –
А не дзідамі і арламі,
Не шаблямі і львамі –
Упрыгожвалі
Наша жыццё.

13.ІІІ.89

Крыніца: Танк Максім. Мой каўчэг: Вершы. 1989-1992. – Мн.: Маст. літ., 1994. – 207 с.

Падобныя старонкі

творы/максім-танк/максім-танк-расшытае-крыжыкамі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki