творы:максім-танк:максім-танк-перапіска-з-зямлёй
Гэта старая версія дакумента!
Максім Танк — Перапіска з зямлёй
Я пісаў зямлі многа лістоў
Пяром, якім пішуць лірычныя песні,
Гімны розныя,
маніфесты;
Пісаў я смыкамі ўсіх скрыпак,
Якія смяюцца і плачуць;
Пісаў спіцамі дрогкіх калёс,
Якарамі і мачтамі караблёў,
Штыком
і сапёрнай
лапатай;
Пісаў кубкамі, з якіх п'юць
За здароўе і вечную памяць, –
Але пакуль што
Адказ атрымаў я
Толькі на ліст мой,
Напісаны плугам.
Вось ён.
Парэжце на скібы яго.
Частуйцеся.
Ешце.
1964 г.
Падобныя старонкі
творы/максім-танк/максім-танк-перапіска-з-зямлёй.1755963801.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin