творы:максім-танк:максім-танк-не-знаю-ці-хмары-развеюцца
Максім Танк — Не знаю ці хмары развеюцца...
Не знаю, ці хмары развеюцца.
Шторм цягне з сабой цемру волакам,
Разбіўшы пасудзіну месяца
На рыфах грымотнага воблака.
Не знаю, ці я змагу выстаяць
Да золаку, штылю світальнага
І ці дабяруся да прыстані –
Свайго маяка ўратавальнага.
Хоць, можа, і на родным беразе
Сустрэнуць, забытага, каменем.
Я мушу вярнуцца хоць ветразем,
Хоць птушкай на крылах параненых.
Падобныя старонкі
творы/максім-танк/максім-танк-не-знаю-ці-хмары-развеюцца.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin