творы:максім-танк:максім-танк-каб-дайсці-да-казкі
Максім Танк — Каб дайсці да казкі...
Каб дайсці да казкі,
Трэба развітацца
З дарогамі езджанымі,
Дарожкамі ходжанымі,
Дарожанькамі грыбнымі
I ягаднымі…
А даверыцца – сцежкам
Ласіным і заечым,
Мураўіным і яшчаркавым,
Слімаковым і вожыкавым…
I даверыцца –
Карчам асінавым,
Святаянскім агеньчыкам,
Вачам савіным,
Слязам жывіцы,
Што ў змроку цепляцца…
I даверыцца –
Травам непрымятым,
Галасам непуджаным,
Шорахам неразгаданым…
I даверыцца –
Зелені найзелянейшай,
Цемені найцямнейшай,
Цішыні найцішэйшай,
У якой нават сэрца стук
Громам здаецца.
1965
Падобныя старонкі
творы/максім-танк/максім-танк-каб-дайсці-да-казкі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin