Гэта старая версія дакумента!
Максім Лужанін — Беларускаму народу
Не з імглы курганоў, задрамаўшых над стромай,
Не з паданняў, што вецер стагоддзяў растрос, –
Грозным, свежым і плодным Кастрычніцкім громам
Пачынаецца век наш, гартуецца лёс.
Не раскрой тады свет напалам, навальніца,
Цар бы шлях заступаў, страшыў карамі бог.
У краіне другой я не мог бы радзіцца,
Дацягнуцца да сонца ніколі б не мог.
Дужы молат і серп з нашых рук на штандары
Узышлі назаўжды.
Ім няма перашкод.
Вольна ў свеце жыве, ўсім народам таварыш,
Працавіт і вялік беларускі народ.
Поім газаю трактар уласнай гадоўлі,
Нашы нівы ў красе, нашы нетры ў хадзе.
Мой народ!
Ты гаворыш з палёў і будоўляў,
I вышэйшай трыбуны не знойдзеш нідзе.
Не баяўся вайны, не цураюся працы,
Калі трэба – ускіну на плечы ўдвая,
А ў любві да цябе не магу прысягацца
Па той простай прычыне, што ты – гэта я.
Я – твой ранні гудок, шум дубоў на узлессі,
Твой каваль,
я выкоўваю ў заўтра ключы.
Ты – крыніца мая
і гаючая песня,
Ты мой розум і кроў.
Нельга нас разлучыць!
1959
Крыніца: Лужанін М. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Паэмы; Вершы 1955-1965; Проза. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. – 560 с.
Падобныя старонкі
- юрась-свірка/юрась-свірка-верны-крэўнаму-брацтву
- якуб-колас/якуб-колас-народ-у-трылогіі-на-ростанях-
- васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-будучыня
- душа-народа
- якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака