Максім Багдановіч — Маёвая песня
Музыка перш за ўсё…
Поль Верлен
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых,
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
I ліецца хваляй песня —
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.
Адказы на пытанні:
1. У вершы «Маёвая песня» Максім Багдановіч спрабуе аб’яднаць у адно цэлае музыку і лірыку, карціну і гук. Гэты верш нельга пераказаць, не разбурыўшы яго арганізацыю. У вершы ствараюцца зрокавыя і слыхавыя вобразы, якія паступова складаюцца ў адзіны цэласны вобраз – шматфарбны, шматгалосы свет, сагрэты сэрцам і пачуццямі паэта.
2. «Шпаркі, лёгкі, сінякрылы матылёк» – прыгожы матылёк з сінім адценнем крылаў, адчуванне лёгкасці, гуллівасці; «струны сонца залатых» – промні сонца, адчуванне цяпла, паветра; «звонкі вецер» – шамаценне лістоў на дрэвах, «дрыжачымі крыламі» – вецер, як хвалямі пакрывае травы і прастору, «ціхі, ясны гімн», «тонкія зёлкі» – пах траў, кветак, поля, «раздольны, вольны свет»– пачуццё свабоды.
3. Верш насычаны маляўнічымі выразамі. Яны ёсць фактычна ў кожнай страфе: «Па-над белым пухам вішняў», «I ліецца хваляй песня», «Ў струнах сонца залатых», «вецер гэта звонкі» і інш.
Пры чытанні верша адчуваецца шапаценне ветру, якое перадаецца праз гукапіс: «звонкі», «шапаціць», «шуміць», «сухі» (гукаперайманне).
4. Меладычнасць некаторых радкоў верша дасягаецца пры дапамозе чаргавання галосных гукаў а, я, е.
5. Верш-услаўленне вясны насычаны дзеясловамі. З усіх бакоў «ляцяць, дрыжаць, звіняць» зыкі вясны. Аўтар з дапамогай дзеясловаў імкнецца перадаць узрушанасць, тэмп, хуткасць змены малюнкаў, дынамізм. Дзеясловы ўжыты ў цяперашнім часе, гэта дапамагае адчуць, што дзеянне адбываецца зараз, з намі: «Не паняць таго ніколі, не разведаць, не спазнаць: не даюць мне думаць зыкі, што ляцяць, дрыжаць, звіняць.»
6. Песня «Па-над белым пухам…» у выкананні гурта «Песняры» гучыць пазітыўна, дорыць шмат добрых эмоцый, яна лірычная і адначасова вельмі яркая, сонечная, энергічная.
7. Памер верша «Маёвая песня» – чатырохстопны харэй.
8. Прырода – невычэрпная крыніца паэзіі. Яе гармонія, малюнкі, фарбы, непаўторныя краявіды заўсёды хвалявалі не толькі пісьменнікаў, але і мастакоў, якія бачылі ў ёй надзвычайную гарманічнасць і хараство. Прырода дорыць нам незабыўныя хвіліны асалоды, супакойвае, натхняе, кожны раз выклікае захапленне ва ўсіх сваіх праявах.