Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:максім-багдановіч:максім-багдановіч-краю-мой-родны-як-выкл

Максім Багдановіч — Краю мой родны! Як выкляты Богам...

Краю мой родны! Як выкляты Богам –
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты… Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.

Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сцікаюцца грудзі! –
Бедные хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі…

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынеслі моцныя спіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.

Кінь толькі вокам да гэтага люду –
Сціснецца сэрца ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.

Песня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханне згубіло;
Там, дзе панура схілілась каліна,
Беднага хлопца магіла.

Ў гутарках-казках аб шчасці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сціснула гора дыханне ў народзе,
Гора усюды пануе.

Хваляй шырокай разлілась, як мора,
Родны наш край затапіла…
Брацця! Ці зможам грамадскае гора?!
Брацця! Ці хваце нам сілы?!

Падобныя старонкі

творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-краю-мой-родны-як-выкл.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki