Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-скарына

Ларыса Геніюш — Скарына

Над Падуяй неба такое наўкруг,
як сны мастакоў Адраджэння.
Падуя – горад вялікіх навук,
славутых надзей і імкненняў.

Заціхлі званы, адбылася імша,
зноў спевы гучаць на лаціне.
Дыплом уручаюць: ён сын Лукаша,
палачанін, Францішак Скарына…

Даўно ўжо пакінуў свой меч і свой лук,
і Полацк, лясамі акружаны,
выйшаў насустрач свабодных навук,
па-свойму сільны і мужны.

Ўжо доктар навукі пад сілу яму.
З Падуі слаўнай, з чужыны,
вязе Беларусі, народу свайму
жыццё сваё, знанні і імя.

Не князь і не шляхціц, без дворні і слуг,
праз пушчы, мядзведжыя тропы
вяртаецца доктар медычных навук,
першы доктар на ўсходзе Еўропы.

Гандлюе, квітнее наш Край малады,
багаты і хлебам, і рыбай:
будуюцца замкі, ўстаюць гарады,
вырастаюць у пушчах сялібы.

Толькі навукі – паны над зямлёй,
мовяць мовамі розных чужынаў.
І першую кнігу на мове сваёй
друкуе нашчадкам Скарына.

І годнае слова гучыць сярод цьмы
чужынскай, як праўда трывожная:
«Не, не для долі жывёльнае мы,
а к доблесці, к праўдзе народжаны».

Простым людзям ён піша, субраццям сваім
дарагія, разумныя словы.
Апавяшчае ўрачыста усім:
«Бог пусціў мяне ў свет з гэтай мовай».

Можа, словы былі, як загад,
гэту мову пакутныя ўнукі
захавалі пад стрэхамі хат
для святла, для дабра, для навукі.

Мудрасць здолее ў цемры свяціць.
Загад продкаў у сэрцы не згіне!
Будзем думаць, вучыцца, тварыць
так, як ты,
ў сваёй мове,
Скарына.

1965

Падобныя старонкі

творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-скарына.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki