Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:клаўдзія-каліна:клаўдзія-каліна-жнівень

Клаўдзія Каліна — Жнівень

Бяда перапёлцы ў жніўні. У жніўні сярпы звіняць, камбайны гудуць, снапы покатам кладуцца… А беднай перапёлцы нідзе прытулку няма. Не паспела яна ў жыце гняздо звіць, птушанят падгадаваць, як Жнівень ужо гукае:

Час адгэтуль вылятаць –
Пачынаю жыта жаць.

Ледзь уцякла перапёлка з жыта. Дзяцей ад страху пагубляла… Доўга пасля клікала іх: «Спаць пара! Спаць пара!» А калі сабрала, павяла хуценька ў пшаніцу.
– Тут зраблю гняздзечка, – кажа сваім дзеткам перапёлка.
Толькі паспела месца выбраць, як Жнівень зноў загукаў:

Пакідай сваю святліцу –
Пачынаю жаць пшаніцу!

Пырхнула перапёлка ў ячмень. Зноў дзяцей пагубляла. Доўга шукала і клікала: «Спаць пара! Спаць пара!» Знайшоўшы, павяла ў ячмень:
– Тут нас ніхто не патурбуе!
Але раптам над самаю яе галавою зазвінела каса…
– Вылятай, перапёлка! – пачуўся голас Жніўня.
Спалохалася перапёлка і наўцёкі… Зноў дзетак пагубляла. Доўга клікала: «Спаць пара! Спаць пара!» Даклікалася і пайшла ў аўсы. Але не паспела і аснаваць гняздо, як пачула: «Вылятай, перапёлка!»
Перапалохалася, бедная, сіганула ў проса, адтуль у грэчку. Нарэшце ў бульбу, а Жнівень – за ёю. «Вылятай, перапёлка! Вылятай!» – усюды чуецца яго голас.
Пырхнула перапёлка на агароды, а за ёю – дзетак чароды. Паляцела яна над лугам, а за ёю – птушаняты цугам.
Акрыялі, падужэлі яе дзеткі ад тых пералётаў. Памацнелі ў іх крылцы, паспрытнелі ножкі. Не агледзелася перапёлка, як дзеткі яе выраслі.
А тут ужо канчаецца лета цёплае, пара ў вырай збірацца.
Сабрала перапёлка сваю вялікую сям’ю і паляцела зімаваць у вырай.

Падобныя старонкі

творы/клаўдзія-каліна/клаўдзія-каліна-жнівень.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki