Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:кастусь-жук:кастусь-жук-бяда

Кастусь Жук — Бяда

Паляць грудзі мне вогнівам

скруха, адчай –

I штоноч

я крычу ад кашмарнага сну.

Родны край, любы край,

ты мяне прабачай,

Што бяду тваю

сэрцам не захінуў.

Спудна стукае ў скроні –

набатам! –

жуда,

Працінае да болю,

вярэдзіць душу.

Чую:

прашчур варочаецца

на кладах,

Праз магільныя травы

адчуўшы жуду.


Бачу:

ў вёсках сіротна

стаяць жураўлі,

Плачуць зернем

нязжатыя ў зоне жыты,

А камбайны не йдуць і не йдуць на палі…
I не вяжуцца думкі,

што немачны ты

Перад гэтай стыхіяй,

лядашчай, як мор,

Перад гэтай атрутай,

нябачнай зусім.

Тут на гора

не быў і ў вайну недабор, –

Гора й зараз

прайшлося па Белай Русі.


Ад някошаных траў

волка пахнуць лугі,

Па начах – бэры звоняць трывожна ў садах…
Край палескі,

край, сэрцу майму дарагі,

Ты сабою прыкрыў

страшны ядзерны жах.

Знаю: ты ажывеш, запульсуеш…

Але

Ад няпрошаных дум – не схавацца нідзе, –
Будзе моцна балець,

будзе доўга балець

Гэта скрушная памяць

у сэрцах людзей.

Падобныя старонкі

творы/кастусь-жук/кастусь-жук-бяда.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki