творы:карусь-каганец:карусь-каганец-кабзар
Карусь Каганец — Кабзар
Ой, вецер шуміць, ой, вецер гудзе,
А цераз поле чалавек ідзе,
Ой, полем ідзе,
I штось ён нясе.
I хлопец яго за руку вядзе.
Ой, праз поле хлопец старца вядзе.
Які гэта старац з хлопцам ідзе?
То кабзар ідзе
I кобзу нясе,
А хлопец за руку к вёсцы вядзе.
У вёску прыйшоў, на прызбе ён сеў
I ціха людзям спяванку запеў,
У круг людзі стаяць,
На старца глядзяць,
Бо да душы бедным людзям запеў.
Галавою добрым людзям кіўне.
Грудку старую шырока надзьме.
У струны ўтне,
Слова дабярэ
I песню старую свету пяе.
1910 г.
Крыніца: Каганец К. Творы / [Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча]. – Мн.: Маст. літ., 1979. – 264 с.
Падобныя старонкі
творы/карусь-каганец/карусь-каганец-кабзар.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin