творы:казімір-камейша:казімір-камейша-цішыня
Казімір Камейша — Цішыня
Я іду ў пуховых тапках,
На каціных мяккіх лапках.
Заглядаю пад павеці,
Лашчу коласу вусы.
Я ў сукеначцы з паветра,
Я ў касыначцы з расы.
Ціха, гром,
Гурчаць не трэба!
Ціха, мушка, не звіні!
Дай паслухаць, як у дрэва
Прарастаюць карані,
Як вадзіца дрэмле ў кране,
Як гусцее ў сотах мёд,
Як гарбуз вяроўку цягне
У бульбоўнік цераз плот.
Ціха сонца дагарае
I хаваецца за гаем.
Не глядзіце ўдалеч сумна.
Я тут блізка, за сцяной.
Я іду,
Я сон нясу вам.
Я завуся цішынёй.
Падобныя старонкі
творы/казімір-камейша/казімір-камейша-цішыня.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin