Казімір Камейша — Не спяшайся, лета!

Чуеш, лета, не ўцякай,
не круці так шпарка колы.
Я не ўсіх сяброў спаткаў,
ранец не сабраў у школу.

У рацэ сваёй як след
я яшчэ не накупаўся.
Хуткі мой веласіпед
яшчэ толькі разагнаўся.

Не сабраў усіх грыбоў
у бары, дзе іх хаваеш.
Толькі стрэліся з табой,
ты ж адразу і ўцякаеш…

Чуеш, лета, пачакай,
чуеш, лета, не ўцякай!

Падобныя старонкі