Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:казімір-камейша:казімір-камейша-зімовы-верш

Гэта старая версія дакумента!


Казімір Камейша — Зімовы верш

На паляне дзіўны след блукае.
Глянеш – і вачэй не адвядзеш.
Піша заяц белымі радкамі
Свой зімовы,
Свой вясёлы верш.

Лапкаю і гэтаю, і тою
Адбівае белы свой слядок.
Кіпцікамі, мяккаю пятою
Падганяе літары ў радок.

Піша і на пушчу косіць вочы,
Белым захліпаецца святлом.
Піша, як яму сягоння ноччу
На паляне весела было.

Снежны аркуш, белы ён і гладкі,
Сцелецца праз пушчу напрасткі.
Скочыць толькі – і чатыры лапкі
У чатыры вяжуцца радкі.

Ёсць там згадкі нават пра завею,
Пра сняжок з дажджом уперамеж.
Хто сляды зімой чытаць умее,
Той і прачытае гэты верш.

Падобныя старонкі

творы/казімір-камейша/казімір-камейша-зімовы-верш.1755963758.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki