Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:змітрок-бядуля:змітрок-бядуля-дзень-добры

Змітрок Бядуля — Дзень добры!

Над сажалкай сіняй зара начавала,
Было там і зорак нямала.

У сажалку зоркі праменні кідалі,
Свяціліся блізі і далі.

I грала зара сваім крыллем агнёвым,
Адсвеццем на лісцях дубовых.

– Няма нада мною, – сказала зарніца, –
Святлейшай на свеце сястрыцы.

– Няма тут над намі, – сказалі і зоркі, –
Ярчэйшай палянкі, узгорка.

Спяваў у арэшніку шэры салоўка,
Хваліў іх і спрытна і лоўка.

Тут ветрык прачнуўся на яснае ранне,
Пачаў між лістоў сваё гранне.

I сонца з-за гаю зірнула харобра:
– Дзень добры! дзень добры! дзень добры!

I зоркі патухлі, патухла зарніца,
I змоўк салавей на галінцы.

Падобныя старонкі

творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-дзень-добры.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki