Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:данута-бічэль-загнетава:данута-бічэль-загнетава-каложа

Гэта старая версія дакумента!


Данута Бічэль-Загнетава — Каложа

Каложа!
Каложа мая прыгожая!
Ты і ў завею, як летам, пагожая.
Клёнам тваім, пэўна, сто гадоў.
А можа, іх пасадзіў Міндоўг?

Любая крона паўнеба засціць.
З паўсвету птаства тут знойдзе засень.
Там недзе звіта
гняздо для месіка.
Сядзіць ён,
ногі ў Нёмане звесіўшы.
А Нёман цячэ сабе ўдаль,
як звычайна,
стагоддзямі вербы да хваль прыручае,
жартуе і лашчыць,
пяшчотны залішне,
над кручай закруціць нядобрыя мыслі,
свавольную думку знайсці дапаможа…
Вясновая песня мая –
Каложа.

Калі над табою
цені мярэжацца,
чакаюць спаткання на кожнай сцежачцы…

Калыска вякоў неспакойных,
Каложа!
Няхай твае сны ніхто не трывожыць!

I вера і цвёрдасць мая –
Каложа!
О, колькі крыжоў на тваіх раздарожжах!

Крышылі, палілі,
дратамі скручвалі,
а ты, як зямля,
была неўміручая…

I ы на заходзе, як поўдзень сонечны.
Васьмівяковая,
і заўтра – сённяшняя.

Нішто цябе з сэрца
вырваць не зможа,
бяссмерце продкаў маіх –
Каложа.


Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст. літ., 1987. – 398 с.

Падобныя старонкі

творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-каложа.1755963729.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki