Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-я-горка-вінаваты

Гэта старая версія дакумента!


Генадзь Бураўкін — Я горка вінаваты...

Я горка вінаваты,
Што рваўся так,
Прасцяк,
З вясковай цеснай хаты
На гарадскі прасцяг.

Я так наіўна верыў,
Што толькі там
Знайду
У свет нязнаны дзверы –
На шчасце ці бяду.

Ну што ж –
Набыў вядомасць
I нейкі дабрабыт
I прыязджаў дадому
У госці ды ў грыбы.

Ішоў на луг нясмела,
Як нёс валун даўгоў.
I ўсё душа балела
Забытаю тугой.

I ўсё яе цягнула
На даўнія шляхі,
Да баравога гула
I ў цёмны сад глухі.

I ўсё яна шукала
Дзіцячы тайны след.
I ўсё было ёй мала
I згадак, і прыкмет.

Як быццам апраўдання
Хацела зноў і зноў
За боль расчаравання
I за нязбытнасць сноў…

Ды час мінаў –
Я марыў
Паехаць ад крыніц
Да плошчаў і бульвараў,
Да шэрых камяніц.

I зноў падслепавата
Мне пазіралі ўслед
Мая старая хата
I мой сівы сусед.

I рваў душу мне одум,
Што,
Як ні гамані,
У дрэва ёсць заўсёды
Не толькі карані…

1999

Падобныя старонкі

творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-я-горка-вінаваты.1755963727.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki