творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-эцюд-рэўнасці
Гэта старая версія дакумента!
Генадзь Бураўкін — Эцюд рэўнасці
Нядаўна быў я чысты,
як дзіця,
Не кранутае цвіллю недаверу,
I чалавеку верыў больш, чым зверу,
I кожны дзень чакаў я адкрыцця.
О Божа мой, як ты змяніла ўсё,
Як зруйнавала свет сваёю здрадай!
Цяпер я менш тваёй усмешцы рады,
Чым позірку прыручаных ласёў.
Цяпер я лепей птушкам занясу
Маю, табой адпітую, пяшчоту.
Хай п’юць з маёй далоні,
як расу,
Ні кроплі не пакінуўшы на потым.
Нічога не чакаю я, ані,
Хай зерне шчасця склёўвае сініца…
Чаму дала ты права мне ўсумніцца
У вернасці людской і дабрыні?..
1975
Падобныя старонкі
творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-эцюд-рэўнасці.1755963727.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin