Генадзь Бураўкін — Што паробіш...

Што паробіш,

калі ціхманы

Я ніколі не быў змалі.
Не чакаю нябеснай манны
I вяду баі на зямлі.

Новых ворагаў нажываю,
Хоць палае у правым баку
Рана даўняя нажавая,
Нібы вогнішча на скразняку.

Не з капрону і не з жалеза,
Нервы тонкія і ў мяне.
А ўсё роўна наперад лезу,
Каб у вочы плюнуць мане.

I хаця па спіне мне вухалі,
Каб навекі зваліць на дол,
Я ўзнімаўся,

хапаючы вуснамі

Колкі вецер,

як валідол.


I, о божа, як я быў рады
(Маім ворагам і няўцям),
Калі чыстае зерне праўды,
Хоць адно,

прыносіў людзям…

Падобныя старонкі