Гэта старая версія дакумента!
Генадзь Бураўкін — Полаччына
Не шукайце красы за морамі,
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі, –
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі.
Тут азёры, як неба, сінія,
У чаротах чароды гусіныя,
А на дне Млечным Шляхам свецяцца
Трапяткія гурты язіныя.
Навальніцы грымяць над кручамі,
З гор бягуць ручаі грымучыя,
Тут ля Дрысы сасонкі звонкія,
Над Дзвіною бары пявучыя.
Тут вясёлкай сонца акружана,
Усміхаецца з кожнай лужыны,
Тут на кожнага закаханага
Салаўёў па чатыры тузіны.
Тут дзяўчаты ўсе – чарнабровыя,
На палях ільны двухметровыя…
Тут пад кожным курганам і каменем –
Ці быліна, ці казка чароўная…
Дык навошта шукаць за морамі
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі? –
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі!..
1956
Падобныя старонкі
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-малітва
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-я-хачу-прайсці-па-зямлі
- генадзь-бураўкін
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-калыханка
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-шпак-спявае