творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-падаюць-яблыкі
Генадзь Бураўкін — Падаюць яблыкі
Падаюць яблыкі –
Тупае восень па садзе.
Жоўтае лісце
Мяце на кляновай градзе.
А надвячоркам
На прызбе нячутна прысядзе
І залацісты праменьчык
Ля ног пакладзе.
Будзе пра лета мінулае
Думаць паціху.
Гляне спакойна
На познія кветкі ў вакне.
Здыме нязлосна
Са смуглай шчакі павуцінку
І гаркаваты начлежны дымок
Пракаўтне.
А як да цёплых сцяжынак
Падступяцца росы
І пахаваюцца
Змоўклыя птушкі ў гаях,
Пойдзе
Насустрач змярканню халоднаму
Восень – Можа, яшчэ не мая,
Хай бы яшчэ не мая…
Падобныя старонкі
творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-падаюць-яблыкі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin