Генадзь Бураўкін — Не ўгонішся ніяк за часам...

Не ўгонішся ніяк за часам
Ні цягніком,
Ні на кані.
Зноў разбрыліся самапасам
Табе адведзеныя дні.

За ўсім адразу не паспееш,
Жыццё, як воблачка, сплыве.
I валасоў, брат, не пасееш
На аблыселай галаве.

I шчасця хітрую жар-птушку
Не зловіш за агністы хвост,
Як ні прыладжвай ёй кармушку,
Як ні бяжы за ёй наўпрост…

Усё будзённей і звычайней,
Усё прасцей і весялей.
Не варта кідацца ў адчаі,
Калі ты сёння не ў сядле.

Жыві сваёй галоўнай працай.
Трымайся даўніх добрых вех…
А што за часам нам не ўгнацца,
Дык гэта ўжо такі наш век…

1969

Падобныя старонкі