творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-мы-дома-песень-менш-зна
Гэта старая версія дакумента!
Генадзь Бураўкін — Мы дома песень менш знаходзім...
Мы дома песень менш знаходзім,
Удалеч шлях кіруем свой.
На поўнач едзем
І на поўдзень,
Бліжэй да кедраў і секвой.
А там,
дзе першы крок рабілі,
Дзе нашы мацеркі жывуць,
Растуць бярозы і рабіны
І лісце падае ў траву.
Ды мы
наіўна прывыкаем,
Што нам спатрэбіцца пасля
Прашытая баравікамі,
Смалой прапахлая зямля.
Шукаем сцежак невядомых,
Чужыя топчам бальшакі.
А песні нас чакаюць дома,
Ля цёплай матчынай шчакі.
1964
Падобныя старонкі
творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-мы-дома-песень-менш-зна.1755963726.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin