творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-вясковая-ідылія
Гэта старая версія дакумента!
Генадзь Бураўкін — Вясковая ідылія
Квецень асыпала вішня на росны гарод.
Певень заспаны ўзляцеў на паркан зухавата.
I над калодзежам рыпнуў стары калаўрот…
Гэта няспешна ступіла на вуліцу свята.
Зводдаль глядзяць вераб’і на памыты парог.
Ластаўка хоча бліжэй да акна прымасціцца.
Дыхае ў печы салодкі пшанічны пірог.
Пахнуць аерам пад ходнікам чыстым масніцы.
Дрэмлецца мірна на лаўцы рудому катку.
З-пад ручнікоў абразы узіраюцца строга.
Хата падмецена.
Венік прыткнуўся ў кутку.
Цёпла і ўтульна,
Нібыта за пазухай Бога.
1996
Падобныя старонкі
творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-вясковая-ідылія.1755963726.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin