Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-ночы-і-цямнелі-і-журыліся

Віктар Гардзей — Ночы і цямнелі, і журыліся...

Ночы і цямнелі, і журыліся.
Толькі ж раптам пробліскі святла:
Зорныя пялёсткі закружыліся –
Яблыня Сусвету зацвіла!

З вышыні пялёсткі ціха падаюць
На лугі, на лес, на сіні плёс.
Да людзей прыходзь ты са спагадаю,
Неспакойны і суровы лёс.

Ствол такі шурпаты Шляху Млечнага, –
На зямлі пусціў ён карані.
Добрага, разумнага і вечнага
Не згараць зярняты і ў агні.

З вераб’ём, і з салаўём, і з зяблікам
Яблыня Сусвету даражэй.
Поўня даспявае жоўтым яблыкам,
Да зямлі схіліўшыся ніжэй.

I няхай ад шчасця вочы мружацца,
I няхай без жалю і слаты
Над планетай кружацца і кружацца
Зорныя пялёсткі дабраты.


Крыніца: Галасы вёснаў: Сучасная беларуская паэзія / Уклад. А. І. Бельскі, У. А. Дзіско; – Мінск: Полымя, 1997. – 318 с.

Падобныя старонкі

творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-ночы-і-цямнелі-і-журыліся.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki