творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-незабудкі-азёр
Віктар Гардзей — Незабудкі азёр
Ля ціхай затокі на плёсе
Ёсць шчасце згадаць аб любві.
Сваіх я не высушу вёсел –
Плыві, мая лодка, плыві!
Крычаць патрывожана гусі
У мройны азёрны разліў.
А карта маёй Беларусі –
Як луг, што блакітна зацвіў.
Ля Браслава звоняць крыніцы.
Азёры Наддзвіння бруяць.
І вербы схіляюцца ніца,
І вёслы, і вёслы блішчаць.
Якая ж нязнаная сіла
І вабіць сюды, і заве,
Дзе Нарач нябёсы ўтапіла,
Дзе Свіцязь плюскоча ў траве.
Запеў пастушковае дудкі
Ля плёсаў яшчэ не замёр.
І росна цвітуць незабудкі
Маіх беларускіх азёр.
Падобныя старонкі
творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-незабудкі-азёр.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin