творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-вочы-твае
Гэта старая версія дакумента!
Віктар Гардзей — Вочы Твае
Срэбрам ранішніх рос,
Зорнай яснасцю ночы
I пяшчотай бяроз
Твае свецяцца вочы.
Сінь ільноў на палях
I даверлівасць кветак
Засталіся ў вачах
Ад спякотнага лета.
Бачу ў іх, як зары
Ружавее палоска.
Бачу ў іх, як гарыць
Мак пунсовы за вёскай.
Быў я тут у журбе
I ў абдымках гарачых,
I такім я сябе
У вачах тваіх бачыў.
Сонца свеціць ярчэй.
Жыта выспела ў полі.
Смутак любых вачэй
Мне б не бачыць ніколі.
Крыніца: Галасы вёснаў: Сучасная беларуская паэзія / Уклад. А. І. Бельскі, У. А. Дзіско; – Мінск: Полымя, 1997. – 318 с.
Падобныя старонкі
- віктар-гардзей/віктар-гардзей-падарожжа-ў-цельшына
- віктар-гардзей/віктар-гардзей-старыя-жорны
- віктар-гардзей/віктар-гардзей-каламутная-вада
- віктар-гардзей/віктар-гардзей-бедная-басота-урывак
- віктар-гардзей/віктар-гардзей-лясная-трывога
творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-вочы-твае.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1