Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-вочы-твае

Віктар Гардзей — Вочы Твае

Срэбрам ранішніх рос,
Зорнай яснасцю ночы
I пяшчотай бяроз
Твае свецяцца вочы.

Сінь ільноў на палях
I даверлівасць кветак
Засталіся ў вачах
Ад спякотнага лета.

Бачу ў іх, як зары
Ружавее палоска.
Бачу ў іх, як гарыць
Мак пунсовы за вёскай.

Быў я тут у журбе
I ў абдымках гарачых,
I такім я сябе
У вачах тваіх бачыў.

Сонца свеціць ярчэй.
Жыта выспела ў полі.
Смутак любых вачэй
Мне б не бачыць ніколі.



Крыніца: Галасы вёснаў: Сучасная беларуская паэзія / Уклад. А. І. Бельскі, У. А. Дзіско; – Мінск: Полымя, 1997. – 318 с.

Падобныя старонкі

творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-вочы-твае.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki