Васіль Зуёнак — Хадзіла вярба...

Хадзіла вярба,
Дзе дзяцей гурба,
Наравістых выбірала,
Наравы выганяла.
Пястуху-дзяўчынку
Шлёгала галінкай,
З дураслівым хлапцом
Гаварыла дубцом:
– Наравы, наравы,
Ідзіце на равы,
На ямы ваўчыныя –
Ад натуры дзяцінае.
Там з вятрамі

гайсайце,

А дзяцей не чапайце.
Хай растуць –

не маркоцікі –

Слухмяныя,
Як вярбовыя коцікі,
Рахманыя…
Так вярба прамаўляла,
Так дзяцей навучала –
Ад дурноты пазбыцца,
Ад ляноты лячыцца, –
У Вербную нядзелю,
На добрую надзею…

Падобныя старонкі