Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-зуёнак:васіль-зуёнак-такі-быў-знак

Васіль Зуёнак — Такі быў знак…

Гербы кавалі шляхта і князі,
Каб дрэва радаслоўнае адзначыць,–
Тады і слава будзе на мазі,
І справа будзе абяцаць удачу!

Пад іх аховай зборышча гуло
На сейміках ад пыхі засцянковай,
На гетмана якраз

акрас было

У захудалым гербе шляхцюковым.

Не трапіў у гербоўнік гэты знак,
І на шчытах не красаваўся слынных,
І роду ён не знатнага –

аднак:

Стаўляў яго першадрукар Скарына.

Гравюру тонкую выводзіла рука –
Глядзі, люд паспаліты, і кумекай:
У промнях сонца – рог маладзіка:
Як фас і профіль твару чалавека.

Адны казалі: «Гэта ноч і дзень,
Святло і цемра…»

Іншыя: «Францыску

Карцела перадаць зацьмення цень
У год, калі сустрэўся ён з калыскай…»

Мабыць, і так… Але хутчэй за ўсё
Быў маладзік хвіліны думнай знакам,
Што па начах бяссонна мы нясём
Пад спаконвечным кругам Задыяка.

А сонца – сімвал светлы пачуцця
І прамяністы поўдзень летуценняў.
Аблічча двухадзінае жыцця –
Развагі холад і агонь натхнення.

Прыгледзьцеся – заўсёды на мяжы,
Дзе сонечныя вусны, месяц ззяе:
Найперш падумай, а пасля скажы,–
І вучыць ён і перасцерагае.

Затое вочы ў сонца – нібы крык,
Яны ляцяць, як гукі роднай мовы.
І здаўся ўрэшце месяц-маладзік,
І адхінуўся, каб лунала слова!

На той выяве герб – аўтапартрэт:
Друкар Скарына ў сонечным абліччы
Дыктуе веку новы запавет,
Парушыўшы біблейскі строгі звычай.

Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі
Пайшоў у свет, зламаў маўчання крыгі.
Цябе мы – як надзею – збераглі,
Скарынінскае сонца, наша кніга!


Крыніца: Зуёнак В. Вызначэнне: Вершы. Мн.: Маст. літ., 1987. – 167 с.

Падобныя старонкі

творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-такі-быў-знак.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki