Васіль Жуковіч — Вясна ідзе

Вясна ідзе,
ідзе вясна,
і шмат надзей
нясе яна,
дае надзею
на сяўбу,
на ўраджай,
на малацьбу.

Вясна ідзе,
ідзе вясна
і шмат падзей
прыносіць нам.
І сонца грэе
ўсё цяплей,
і хмары цёмныя
радзей;
схаваны саначкі,
канькі,
мячы выносяць
хлапчукі.

Жаўрук над полем
зазвінеў –
такі ласкавы
гэты спеў;
пралескі першыя
ўзышлі –
пяшчота неба
на зямлі.

Ідзе вясна,
вясна ідзе.
Святлее даль,
даўжэе дзень.
Ідзе вясна,
вясна ідзе.

Забавы новыя
ў дзяцей.
Ў руках скакалкі
у дзяцей.
Ідзе вясна.
Вясна ідзе!

Падобныя старонкі