творы:васіль-жуковіч:васіль-жуковіч-беларуская-старонка
Гэта старая версія дакумента!
Васіль Жуковіч — Беларуская старонка
Лес ідзе да небакраю.
Рэчка, горачка, раўніна…
Вечна сэрцу дарагая
Беларуская карціна.
Ля крыніцы – медуніцы,
Дзе даліна – канюшына,
Дзе лясочак – верасочак, –
Ой ты, родная мясціна!
А пад ветрыкам у полі
Хваляй ціхай жыта ходзіць
На прасторы, на прыволлі
Сэрца мне яно лагодзіць.
Жыта наша – з васількамі,
Неба наша – з жаўрукамі.
Апяваюць песняй звонкай
Птушкі родную старонку.
Лес ідзе да небакраю,
Рэчка, горачка, раўніна…
Вечна сэрцу дарагая
Беларуская карціна.
Я красу тваю кахаю,
Ніў, лясоў і рэк гамонку,
Непаўторная, святая
Беларуская старонка!
Падобныя старонкі
- ганарымся-бацькаўшчынай
- скарбы-нашай-радзімы
творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-беларуская-старонка.1755963701.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin