Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-жуковіч:васіль-жуковіч-беларуская-старонка

Васіль Жуковіч — Беларуская старонка

Лес ідзе да небакраю.
Рэчка, горачка, раўніна…
Вечна сэрцу дарагая
Беларуская карціна.

Ля крыніцы – медуніцы,
Дзе даліна – канюшына,
Дзе лясочак – верасочак, –
Ой ты, родная мясціна!

А пад ветрыкам у полі
Хваляй ціхай жыта ходзіць
На прасторы, на прыволлі
Сэрца мне яно лагодзіць.

Жыта наша – з васількамі,
Неба наша – з жаўрукамі.
Апяваюць песняй звонкай
Птушкі родную старонку.

Лес ідзе да небакраю,
Рэчка, горачка, раўніна…
Вечна сэрцу дарагая
Беларуская карціна.

Я красу тваю кахаю,
Ніў, лясоў і рэк гамонку,
Непаўторная, святая
Беларуская старонка!

Падобныя старонкі

творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-беларуская-старонка.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki