творы:васіль-вітка:васіль-вітка-добры-знак
Васіль Вітка — Добры знак
І шафёр, і пешаход
Кожны знае ў свеце
Знак увагі – пераход!
Асцярожна – дзеці!
Грузавік спыніў свой ход,
Сталі легкавушкі.
Асцярожна – пералёт!
Асцярожна – птушкі!
Кожны падарожны рад
Прывітаць, прывеціць:
– Добрай раніцы, дзетсад!
Добры шлях вам, дзеці!
Нават сонца маладзей
Глянула з блакіту –
Гэта будучыні дзень
Выйшаў на арбіту.
Хай заўсёды з веку ў век
Добрым знакам будзе:
Асцярожна – чалавек!
Асцярожна – людзі!
1977
Падобныя старонкі
творы/васіль-вітка/васіль-вітка-добры-знак.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin