Гэта старая версія дакумента!
Аблава. Трагедыя Хведара Роўбы і яго сям'і
Пра злачынствы сталіншчыны, пра трагедыю нашага народа ў эпоху «карэннага пералому», пра тое, як "крывёю напоўніліся поймы рэк", як бурліла «адчаем слёз людскіх разводдзе», напісана шмат твораў мемуарнай, дакументальнай і мастацкай літаратуры. Тэме калектывізацыі, сталіншчыны, адлюстраванню «праклятага» часу і яго трагічнага ўздзеяння на лёс народа прысвяціў таксама многія свае творы і Васіль Быкаў. Трагічным, знакавым, філасофскім і папера-джальным творам на гэтую тэму з'яўляецца аповесць «Аблава». Пра аблаву на народ, пра яго пакуты ў гулагаўскіх архіпелагах пісалі многія. Васіль Быкаў здолеў дасягнуць максімальнага ўздзеяння на чытача тым, што паказаў аблаву, паляванне сына на роднага бацьку.
Чытача не могуць не ўразіць старонкі пра пакуты і смерць дачкі Хведара Волечкі, пра яго пакуты і прыніжэнні ў Котласе, страту жонкі, пра «жорсткае і няшчаднае» ў гэтым моры чалавечай азвярэласці.
Зместам свайго твора пісьменнік пераконвае: чалавек становіцца лютым нелюдзем, калі настае нялюдскі час. «I ў ссылцы ён да волі нагледзеўся на ўсялякія выкруты чалавечых лёсаў, начальніцкую жорсткасць без мэты, ці якая мела адну мэту — здзек». I ўсё ж ні Хведар Роўба, ні чытач не былі падрыхтаваны да таго, што чакала наперадзе…
Спачуваючы Хведару Роўбе, уражаныя яго пакутніцкім шляхам дадому, мы баяліся сустрэчы яго з тымі, па чыёй «міласці» ён прыняў такія пакуты. Мы баяліся зайздрослівага Мікіты Зыркаша, які не мог стрываць, што больш удачлівы гаспадар купіў малатарню, і таму напісаў данос, нібыта Роўба тую малатарню выкарыстаў дзеля эксплуатацыі сялян. Небяспечнай і трагічнай для Роўбы магла быць сустрэча з «гарластым актывістам» Зміцерам Цыпруковым, які некалі не хацеў аддаць пазычаную ў Хведара трыццатку і з гэтай прычыны прапанаваў раскулачыць менавіта яго. Разнарадкі на высылку трэба было выконваць. Вось і стала гэтая прапанова апошняй кропляй у вырашэнні чалавечага лесу. Нястомны працаўнік, дбайны гаспадар Хведар Роўба вельмі здзіўлены, што на брыгадзірскай пасадзе ў яго Нядолішчы апынуўся гэты самы лайдак Зміцер — «самы няўклюдны гаспадар, у якога не калі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з'ела страху за зіму і не хапіла». Ён «за жыццё не навучыўся плясці лапцей (заўжды пляла яму жонка)», але затое «горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш», таму і выбіўся ў начальнікі.
Праз успаміны Хведара Роўбы пісьменнік паказвае ўсю заганнасць, д'ябальскую і мэту, і сілу той улады, якая мабілізавала і рэалізавала менавіта тых, хто «был ничем», як спявалася ў песні-гімне той улады, хто быў непаважаны, неаўтарытэтны ў народзе «праз гультайства, праз нядбайства» сваё. Настаў зорны час для няўклюдных і не здатных на годнае і самавітае жыццё. А каб панаванне іх было поўнае,пачалі яны з даносаў і выжывання тых, хто ім замінаў.
Злачынная ўлада і набірала сабе на службу злачынцаў і нелюдзяў.
Сюжэт і кампазіцыя аповесці падначалены задуме паказаць самае страшнае злачынства сталіншчыны і яго наступствы, уздзеянне на тыя пакаленні, якія будуць жыць пасля.
Пакутніцкі і доўгі шлях Хведара дадому, у яго Нядолішча, да роднага сына, на якога ўсе надзеі і спадзяванні, гісторыя Роўбавага жыцця завяршаюцца трагедыйным акордам выключнай сілы.
Аказваецца, тыя выпрабаванні пакутамі ў бесчалавечных абставінах, у якіх «людзі гінулі як мухі ад непасільнай працы, галадухі і сухотаў, якія валілі нават дужых маладых мужчын… найбольш, аднак, ад суму-тугі па родных мясцінах, ад нуды вечнага з імі расстання», -— яшчэ не мяжа. Аблаву на Хведара Роўбу (загоншчыкі — аднавяскоўцы, раённае начальства і актыў, а таксама пагранічнікі) узначальвае яго родны сын Міколка. Ён калісьці не трапіў разам з бацькамі ў высылку, бо служыў у войску. Большы жах уявіць немагчыма.
Глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека, даследаванне вытокаў і матываў учынкаў — адна з асаблівасцей творчасці Васіля Быкава. «Божа мой, Божа, чаму мне выпала гэткая доля? Чаму я такі бядак?» — нанава перажывае сваю трагедыю Хведар, трапіўшы ў родную вёску, пастаяўшы на зруйнаванай роднай сядзібе . A незадоўга да сваёй гвалтоўнай смерці зноў будзе разважаць: «А можа, гэта яму пакаранне ад Бога?»
Сапраўды, як жа так здарылася, што некалі жаласлівы сынок, які ў дзяцінстве «дужа шкадаваў маці» і даглядаў «бедалагу курачку» са зламанай нагой, які «надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам», быў схільны і здольны да вучобы, выступае як самы закляты вораг уласнага бацькі?
Мы звыклыя думаць, што нелюдзямі становяцца абдзеленыя ласкай і любоўю, адрынутыя і нешчаслівыя. У Міколкі зусім іншы лёс.
Дзяцінства яго нават у той складаны, нялёгкі час дзякуючы менавіта сям'і, бацькам не было «ўкрадзеным» і нешчаслівым.
Гісторыяй жахлівай здрады Міколкі пісьменнік папярэджвае пра д'ябальскую сілу дыктатуры, сталіншчыны, асабліва небяспечную для маладых. Сістэма знішчала чалавечнае ў чалавеку і правакавала на нялюдскае, а гэта намнога прасцей зрабіць з юнымі душамі, каб перайначыць іх . У школьныя гады Міколка і стаў перайначвацца, бо ўступіў у камсамол і займеў там пасаду сакратара ячэйкі. Ён з захапленнем прыняў «гарластую мітусню» камсамольцаў і хутка вызначыўся сваёй жорсткасцю. Гэта ён дамогся выключэння з камсамола за дробную правінку свайго даўняга сябрука Міхалінінага Шуркі. I здрада сяброўству, калі ёй надавалася палітычная падаплёка, лічылася доблесцю і праслаўлялася ў літаратуры, якая выдавала такую здраду за непахісную прынцыповасць. «Прынцыповы» Міколка змікіціў што да чаго і хутка пайшоў угору, стаў урэшце «вялікім начальнікам у раёне» — «партыйным сакратаром». I начальнікам жорсткім. «Малады, а нібы той цівун!», «Усё мацюгом ды пагрозай, Сібір'ю палохае…» — кажуць пра яго людзі.
Палохае, бо і сам баіцца, што ў яго ёсць вялікая «пляма» ў біяграфіі — раскулачаны бацька. Афіцыйны тагачасны лозунг «Сын за бацьку не адказвае» быў фарысейскім. Адукаваны і прадбачлівы Роўбаў Міколка гэта добра ведае і таму парывае сувязі з роднымі, а потым і ўвогуле адракаецца ад бацькоў. I адмаўляецца не для прыліку, а ўсур'ёз, каб давесці сваю поўную адданасць новай уладзе. I выступае як самы закляты вораг роднага бацькі. Так пад націскам бесчалавечных абставін рабілі тады многія, каб зберагчы сваё жыццё. Праўда, большасць вымушаны былі рабіць з болем душэўным, фармальна. На гэта спадзяецца і Роўба, шукаючы сыну чалавечае апраўданне: «Пэўна ж, то не па сваёй волі — ён змушаны! Можа, яму загадалі?»
I ўсё ж пісьменнік настойлівы ў сваім перакананні, што былі той здрадзе не толькі знешнія прычыны. Настойлівы В. Быкаў у тым, што нічога выпадковага не бывае, што і ў сітуацыі, якая мацнейшая за чалавека, у яго ёсць права, якое не дадзена забраць нікому, — застацца чалавекам. Сам Хведар вызначыў прычыну не толькі ўласнай трагедыі, але і ўласнай віны. Яго бацькоўская і чалавечая віна, што быў памяркоўным, талерантным і пасіўным, калі ламалася вера ў душы яго сына, калі «маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты» абразы.
Абразы, як і спілаваны камсамольцамі крыж на Петраковай Галгофе, — сімвал адрынутай веры. Галоўнае — вынішчыць веру, векавую народную мараль, пераступіць бар'ер, а далей ужо ўсё дазволена, усё магчыма.
У аповесці з незвычайным трагізмам і мастацкай сілай паказана самае страшнае злачынства сталінізму — знішчэнне векавой народнай маралі. Яго вынікам стаў разрыў самых моцных сувязей паміж людзьмі і пакаленнямі — кроўных, роднасных. Для нас жа аповесць — суровы напамін аб трагічным мінулым народа і адначасова папярэджанне пра тое, наколькі згубная для чалавека страта духоўнага і бездухоўнасць, узведзеная ў ранг дзяржаўнай палітыкі.