Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-быкаў:васіль-быкаў-жураўліны-крык-варыянт-2

Васіль Быкаў — Жураўліны крык (варыянт 2)

Аповесць«Жураўліны крык» — першы ва ўсіх адносінах тыповы для Васіля Быкава твор. У ім выразна выявіліся характэрныя рысы быкаўскай аповесці. Пісьменнік так тлумачыў сваю прыхільнасць да такой манеры адлюстравання вайны:
…І не ў маім гусце , калі можна так сказаць, даследаваць вялікія бітвы. Мая задача куды больш сціплая: мне дастаткова для таго, каб выказаць тое, што я хачу, маленькага бою на працягу адных сутак за якую-небудзь безыменную вышыньку з ручаём, бо, як я думаю, там адбывалася ўсё тое ж самае , што, скажам, і ў вялікай бітве , толькі ў меншых памерах. Але для мяне гэтыя памеры ўпаўне дастатковыя, таму што яны даюць мне магчымасць даследаваць думкі і ўчынкі двух-трох чалавек. Для мяне гэта больш цікава, чым даследаваць многія масы войск.
Сюжэтную аснову аповесці складае гісторыя пра тое , як шасцёра байцоў восенню 1941 года, ужо недзе пасля Смаленска, няпоўныя суткі абаранялі«звычайны чыгуначны пераезд, якіх нямала параскідана на сталёвых шляхах зямлі». Праўда, гэта своеасаблівыя
суткі — на працягу іх загінуць усе героі.
Менш чым на пяцідзесяці старонках тэкставай прасторы пісьменнік здолеў з псіхалагічнай дакладнасцю паказаць сутнасць кожнага героя. Трыццацігадовага ленінградскага інтэлігента Барыса Фішара, якому на здзяйсненне апошняга ўчынку спатрэбіліся ўсе яго сілы і нават само жыццё. Жулікаватага з выгляду, з«падмочанай біяграфіяй» Віцькі Свіста, які гіне ў паядынку з танкам. Старшыны з Арлоўшчыны Рыгора Карпенкі, які навучыўся ваяваць не толькі рашуча і мужна, але і разумна. Ён і памірае з клопатам, ці адбіта чарговая атака ворага. Самотнага Васіля Глечыка, маладзенькага неабстралянага радавога з Віцебшчыны, які ўсяго на некалькі гадзін перажыў сваіх таварышаў па зброі і чакае свайго«смяротнага часу».
Здавалася б, марна і супраціўляцца. Як спыніць аднаму салдату лавіну гітлераўцаў, узброеных танкамі і артылерыяй?«А жыць так хацелася — хоць як- небудзь: у сцюжы, голадзе , страху, хоць у такім жудасным пекле , якім была вайна, — усё роўна хацелася жыць». Аднак Глечыку апошнія імгненні свайго жыцця«зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык».
Пра гэты момант аповесці Д. Бугаёў напісаў так:«Выдатны эпізод, бліскуча зробленая сцэна… і мы літаральна скалануліся ад Глечыкавага болю, ад яго тугі па жыццю». Аднак такая невымерная прага жыцця не пазбаўляе Глечыка мужнасці, якая адрознівае яго ад аматара лёгкіх подзвігаў Аліка Аўсеева, фанабэрыстага і самаўпэўненага. Скончыў Аўсееў прамой здрадай, за якую і быў расстраляны.
Не менш пераканальна і хвалююча выпісаны трагічны лёс Пшанічнага. Лёс і характар Пшанічнага вызначаў галоўны яго«грэх» —«не ўсё ў парадку з біяграфіяй»,«не тое» сацыяльнае паходжанне .

Падобныя старонкі

творы/васіль-быкаў/васіль-быкаў-жураўліны-крык-варыянт-2.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki